У канцы ліпеня 2020 года дзяржСМІ заявілі, што ў Беларусі затрыманыя 33 «баевікі» — «удзельнікі ПВК Вагнера», якія нібыта рыхтавалі ў нашай краіне тэракт і масавыя беспарадкі. КДБ распачаў крымінальныя справы, а дзяржагенцтва БЕЛТА апублікавала пайменны спіс затрыманых. Высветлілася, што практычна ўсе яны ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны. Кіеў звярнуўся да Мінска з просьбай выдаць большую частку затрыманых, але беларускія ўлады гэтага не зрабілі. І пасля некалькіх тыдняў замяшання наймiты змаглі выехаць у Расію. «Люстэрка» высветліла, што вядома пра фігурантаў гэтай гісторыі праз шэсць гадоў.
ПерадгісторыяЗатрыманне вагнераўцаў у Беларусі ў 2020 годзе — як гэта было+
29 ліпеня 2020 года дзяржаагенцтва БЕЛТА паведаміла, што КДБ затрымаў «32 баевікі замежнай прыватнай ваеннай кампаніі Вагнера» ў санаторыі «Беларусачка». Яшчэ адзін «быў знойдзены і затрыманы на поўдні краіны». Аляксандр Лукашэнка ў той жа дзень абвінаваціў Расію ў «брудных намерах» напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.
Праз год з лішнім каманда расследавальнікаў Bellingcat паведаміла, што арышт вагнераўцаў у Беларусі стаў правалам дзёрзкай аперацыі ўкраінскіх спецслужбаў. Яе мэтай было выбавіць, затрымаць і аддаць пад суд наймітаў, датычных да злачынстваў на ўсходзе Украіны. Паводле паведамлення расследавальнікаў, пад выглядам фіктыўнай ПВК «МАР» украінскія спецслужбы наймалі ахвотных зарабіць на ахове нафтавых свідравін «Раснафты» ў Венесуэле.
У групе, якая прыбыла ў Мінск, іх у першую чаргу цікавілі тыя, хто ў мінулым ваяваў на Данбасе ў складзе прарасійскіх фармаванняў. Былі там і выпадковыя людзі, якіх уключылі ў спісы, каб самі наймiты нічога не западозрылі.
Аднак аперацыя пайшла не па плане. Рэйс з Мінска, на якім мусілі ляцець вагнераўцы, перанеслі на некалькі дзён, за якія падазроных «гасцей з Расіі» знайшоў беларускі КДБ. Мужчын затрымалі і абвінавацілі ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту і масавых беспарадкаў разам з Сяргеем Ціханоўскім і Мікалаем Статкевічам, якія на той момант ужо былі за кратамі.
З запытам пра выдачу затрыманых да беларускіх уладаў звярнуліся і расійскі, і ўкраінскі бакі. Лукашэнка нават запрашаў генеральных пракурораў дзвюх краін у Беларусь, каб вырашыць пытанне на аснове «міжнародных дамоваў і пагадненняў». Тым часам у Расіі, здаецца, зразумелі, што камандзіроўка была пасткай з украінскімі каранямі, некаторыя дэталі няўдалай спецаперацыі апублікавалі ў «Комсомольской правде».
Яшчэ 9 жніўня 2020 года Лукашэнка казаў, што не верыць у гэтую версію. Далей у Беларусі пачаліся масавыя пратэсты нязгодных з вынікамі выбараў і, імаверна, непублічныя кантакты беларускіх уладаў з расійскім бокам. Ужо 14 жніўня 32 вагнераўцы змаглі вярнуцца ў Расію.
Пазней Лукашэнка сцвярджаў, што адправіў да наймітаў свайго сына Віктара, каб той спытаў, куды яны самі хочуць выехаць: «Ён ім задаў гэтае пытанне, прыязджае і кажа: „Тата, яны хочуць у Расію“. Я кажу: „Усе? Там жа, здаецца, шэсць грамадзян Украіны было. Усе хочуць у Расію?“ — „Так“. — „Ты ва ўкраінцаў пытаўся?“ — „Яны кажуць: толькі ў Расію“. Я кажу: добра, бяры аўтобус, саджай іх у аўтобус і вязі іх туды, куды яны захочуць».
З затрыманых у Беларусі вагнераўцаў 32 чалавекі паехалі ў Расію. Яшчэ адзін наймiт — Андрэй Бакуновіч — быў грамадзянінам Беларусі і застаўся ў краіне. Праўда, ненадоўга. Як даведалася «Люстэрка» з дадзеных уцечак, ужо ў кастрычніку 2020 года ён паляцеў у Сірыю, дзе тады актыўна дзейнічала ПВК Вагнера.
Прасіў перавесці ў камеру да Ціханоўскага
Адзін з удзельнікаў тых падзей — ураджэнец Данецкай вобласці Максім Кошман з пазыўным Каршун, былы баявік «спецназа Наваросіі». У адрозненне ад іншых удзельнікаў групы, ён актыўна вядзе сацсеткі і шмат расказвае пра сябе. Успамінаў ён і «мінскія прыгоды» 2020-га.
Мужчына сцвярджаў, што пасля затрымання «сядзеў у адзіночцы для пажыццёва зняволеных» і кантактаваў з супрацоўнікамі КДБ.
«Паводле версіі следства Беларусі, [Сяргей Ціханоўскі] быў нашым заказчыкам і фінансаваў наш прыезд у Мінск у складзе „33 Багатыроў“, ці затрыманых байцоў ПВК Вагнера. З мэтай узброенага перавароту, зрынання дзейнай і захопу ўлады…» — успамінаў наймiт.
Сам Кошман нібыта прасіў перавесці яго ў камеру да Ціханоўскага, каб «скончыць усё гэтае яго трызненне вельмі хутка», але яму адмовілі.
Кошман таксама ўспамінаў, што затрыманне ў Мінску абярнулася для яго парушэннем прынцыпу «не свяціцца», бо на дзяржТБ паказалі яго твар і татуіроўкі. Нейкі час яму даводзілася жыць, баючыся нападу ці выкрадання ўкраінскімі спецслужбамі.
Загадкава знік
Відаць, падставай для асцярог быў выпадак з іншым вагнераўцам — Дзянісам Харытонавым з пазыўным Баян. У мінулым ён удзельнік баявых дзеянняў на ўсходзе Украіны, а яшчэ — казацкі атаман.
Пасля «мінскіх прыгодаў» з групай няўдачлівых наймітаў Харытонаў вярнуўся на радзіму і неўзабаве знік. Пазней расійскія ўлады заявілі, што мужчыну нібыта спрабавалі выкрасці ўкраінскія разведчыкі па дамоўленасці з тагачасным кіраўніком ГУР Кірылам Буданавым.
Расійскае выданне «Коммерсантъ» выклала такую версію падзей: у пасёлку Ільінка трое мужчын збілі Харытонава і зрабілі яму ўкол у нагу, пасля чаго той страціў прытомнасць. Затым наймiта-атамана нібыта перавезлі ў Белгародскую вобласць, у дарозе колючы яму седатыўныя.
Паводле звестак выдання, расійскія памежнікі заўважылі выкрадальнікаў падчас пераходу мяжы, адкрылі агонь і забілі аднаго з іх, а двум іншым удалося ўцячы. Самога ж экс-наймiта, як сцвярджаецца, знайшлі ў паўпрытомным стане. Па факце выкрадання распачалі крымінальную справу па шасці артыкулах, трох чалавек затрымалі.
Харытонаў выжыў, і ў далейшым справы ў яго пайшлі ўгару.
«Ніколі не садзіўся ў машыну разам з сям'ёй»
Максім Кошман, пра якога мы расказвалі вышэй, сцвярджаў, што атрымаў папярэджанне ад ФСБ: нібыта яго таксама могуць паспрабаваць выкрасці. Былы вагнеравец апісаў меры бяспекі, якіх прытрымліваўся ў той час.
«На ноч я ўстаўляў у дзвярную ручку газавую гранату, — пісаў ён. — Так што пасля націскання на ручку апусцілася б дужка расчакаванай гранаты і прагучаў бы выбух! Ціха адчыніць дзверы і зайсці не атрымаецца! Шум выбуху пазбавіў бы нападнікаў эфекту нечаканасці, а газ не даў бы спакойна дзейнічаць у калідоры і рухацца далей».
Паводле яго словаў, ён таксама падрабязна растлумачыў, як дзейнічаць у выпадку перастрэлкі ля дзвярэй кватэры, жонцы, дзецям і «цывільнаму суседу». Сам ён планаваў адстрэльвацца і кідаць гранаты.
«Каб не ўзарвалі ў машыне, я ніколі не садзіўся ў машыну адначасова разам з сям'ёй. Я падыходзіў сам, ад'язджаў і, толькі зрабіўшы кола, вяртаўся па іх», — успамінаў ён.
Пайшлі на «СВА»
Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну Кошман, відавочна, выйшаў з падполля. Ён не хаваў у сваіх сацсетках, што з першага дня ваяваў на баку Расіі.
Ваяваць пайшлі і іншыя вагнераўцы з «мінскай» групы: Андрэй Такарэнка, Генадзь Фяцісаў і Уладзімір Лі. Першы атрымаў медаль, яго партрэт паказвалі на выставе «герояў СВА» ў Маскве. А апошні «гераічна загінуў», як напісалі яго сябры «ВКонтакте».
Атаман і дэпутат Дзяніс Харытонаў выязджаў «на перадавую, каб дастаўляць гуманітарныя грузы». Як высветліла «Люстэрка», ён актыўна наведваў акупаваныя Данецк, Луганск і Марыупаль, як і яго памочнік Шчарбакоў.
У верасні 2023 года былы вагнеравец зарэгістраваў некамерцыйную арганізацыю «Ветераны „СВО“». А ўжо ў наступным месяцы падчас свайго адпачынку сам паехаў ваяваць ва Украіну.
У сакавіку 2024 года асабісты аўтамабіль Харытонава выбухнуў на лініі баявога судакранання, але сам ён паспеў выбрацца. Пра гэты выпадак напісалі нават міжнародныя медыя, у тым ліку брытанскі таблоід The Sun з загалоўкам «Мярцвяк ідзе».
Зніклі з радараў, змянілі прафесію
Сярод затрыманых у 2020-м у Мінску ёсць і тыя, хто пазней спрабаваў змяніць род дзейнасці. Згаданы вышэй Генадзь Фяцісаў пасля вяртання з вайны кіраваў прыватным ахоўным прадпрыемствам у Данецку і спрабаваў гандляваць будаўнічымі матэрыяламі.
Аляксандр Алтухоў адкрываў ІП па перапрацоўцы гародніны і садавіны, Андрэй Кажэўнікаў публікаваў рэзюмэ ў пошуках пасады супрацоўніка склада ці пешага кур'ера, Аляксей Сапронаў працаваў кіроўцам у сферы грузаперавозак, Сяргей Сідараў — медбратам.
Рынат Карымаў, які ў мінулым дзяліўся ў сацсетках фота з апалчэнцамі Данбаса, у 2025 годзе перайшоў на іншы кантэнт: публікаваў фота і відэа вясковых пейзажаў і жартаваў пра вяртанне «ў родную вёску».
Як удалося высветліць «Люстэрку», частка вагнераўцаў з «мінскага спіса» пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ездзіла на акупаваныя Расіяй украінскія тэрыторыі. Але няма верагодных дадзеных пра тое, што яны ўдзельнічалі ці ўдзельнічаюць непасрэдна ў баявых дзеяннях.
Пра некаторых ніякай інфармацыі нават у афіцыйных рэестрах нам знайсці не ўдалося. Гэта можа сведчыць пра гібель, пераезд у іншую краіну ці змену імені. Напрыклад, губляюцца сляды ўраджэнца Украіны і расійскага грамадзяніна Сяргея Бубнова. Нічога не ўдалося даведацца пра Арцёма Шацкага, Рафіка Танава и Андрэя Сердзюкова.
Мы праверылі інфармацыю па ўсіх 33 затрыманых вагнераўцах са спіса, які публікавала дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА. Дакладна можна сцвярджаць, што з іх загінулі двое. Яшчэ пра чацвярых ніякіх звестак знайсці не ўдалося. Пра астатніх нам вядома, што яны былі жывыя ў 2023—2025 гадах, але на гэты момант падрабязнейшай інфармацыі няма.
«Нам казалі, што пра нас не забудуць»
Экс-наймiт Максім Кошман, пра якога мы расказвалі вышэй, у ліпені 2026 года нечакана апублікаваў «крык душы ветэрана баявых дзеянняў».
«Нам казалі, што пра нас не забудуць, што дзяржава падтрымае тых, хто вярнуўся. Але калі вяртаешся дадому, сутыкаешся з іншай рэальнасцю. Кабінеты, адпіскі, бясконцыя чэргі, абяцанкі і абыякавасць. Стварае адчуванне, што, пакуль ты быў патрэбны з аўтаматам у руках, пра цябе памяталі. А як толькі форма змянілася на цывільную вопратку, ты стаў нязручным», — пісаў ён.
Кошман не казаў наўпрост, чаго хоча дабіцца, але патрабаваў, «каб законы і абяцанні ў дачыненні да ветэранаў сапраўды выконваліся». Здаецца, рэч была ў адсутнасці жылля. У адным з відэа ён згадваў, што яму даводзілася начаваць з сабакам у машыне.
«Я сяджу пад будынкам адміністрацыі губернатара, грошай у мяне пяць тысяч рублёў у кішэні (каля 180 беларускіх рублёў ці 60 даляраў). То-бок, па сутнасці, нават вярнуцца дадому я не магу. Ды і што дома казаць дзецям? Што тата — круты герой? Які не можа пракарміць іх?» — скардзіўся ён.
Расійская прапагандыстка Анастасія Кашавараава пісала, што «ветэрану» цягам года абяцалі дапамогу ўлады Стаўрапольскага краю, аднак Кошман не атрымаў «ні зямлі», «ні дапамогі ў працаўладкаванні», «ні сацыяльнай падтрымкі».
Праз тыдзень пасля «крыку душы» Кошман апублікаваў дапаўненне, дзе заклікаў не ўспрымаць яго відэа як сцверджанне пра тое, што «дзяржава кідае сваіх вайскоўцаў». І заявіў, што «яго праблемы атрымалі належную ўвагу з боку кіраўніцтва раёна і краю ў цэлым».
«Працуйце, браты! Радзіма за вашымі спінамі!» — звярнуўся ён з прапагандысцкімі лозунгамі да тых, хто ваюе ва Украіне.
Дзякуй, што дачыталі да канца!
Калі для вас гэта бяспечна, падтрымайце «Люстэрка», каб мы маглі рабіць больш матэрыялаў пра важнае.
Падтрымаць